Mir-knigi.online
Книги онлайн читать бесплатно!
  • Главная
  • Жанры
  • ТОП книг
  • ТОП авторов
  • Контакты

Змагарныя дарогi

Часть 157 из 180 Информация о книге

"Так, паважаны Эдзё, - адказваў у думках вiленскi юнак, - даўно мы гэта ўжо запiсалi i, калi прыйдзе час, прыпомнiм. Расьлi й гадавалiся ды загартоўвалiся мы ў агнi й без тваёй рады ведалi, што й дзе запiсваць. Ты толькi нам лiшнi раз прыпомнiў, ня ўцямiўшы, якое жнiво некалi прыйдзецца зьбiраць тваiм родзiчам з пасеянага табой зерня". Далей зьяўлялася постаць подлага рэнэгата Мыдлеўскага ды шматлiкiх iншых афiцэраў i радавых палякаў, кароткiя жыцьцёвыя кантакты зь якiмi выказалi аб iхняй непрымiрымай варожасьцi да чалавека толькi таму, што ён голасна й смела заяўляў аб сваiм беларускiм паходжаньнi. Гэта ўсё дзеелася пасьля самай вялiкай гiстарычнай катастрофы, дзе, мiж iншымi, польскi народ палажыў вялiкiя ахвяры, але амаль зусiм не ўзбагацiў свайго жыцьцёва-палiтычнага розуму. Дык даволi ўжо аб тым, што "роўныя з роўнымi" цi "адносiны палепшылiся". I наiўнасьць мае-ж сваю мерку.

VI

Да чытаньня "Беларускiх Навiн" юнак узяўся з урачыстым натхненьнем, можна сказаць, з пабожнасьцю i быццам з боязьзю. Ужо колькi хвiлiн меў газэту ў руках, а ўсё яшчэ недзе ў галаве мiтусiлася ўява, што гэта ўсё быццам нерэчаiснае, што хутка дзьмухне нейкi вецер i зьнiкне зь ягоных рук дарагi шматок паперы са знакамi роднае мовы. Ня мог анiяк прывыкнуць да думкi, што ў ягоных руках першая родная ластаўка, тая нiтачка, пры дапамозе якой можна будзе дабрацца да свайго беларускага клубка. Чуўся так, як быццам вылазiў з глыбокага цёмнага прадоньня й угледзеў нарэшце сьветлы дзённы праменьчык. У наступную хвiлiну здавалася, што да гэтага часу быў слабы й абясьсiлены, быццам страцiў вялiкую частку крывi. I вось нехта праз жылы пачаў улiваць яму кроў. Павольна, але стала й упэўнена пачынае пульсаваць цэлая крывяная сыстэма, мерна б'ецца аслабленае й зьняможанае яшчэ нядаўна сэрца, сiла пачынае вяртацца ва ўсе часьцi цела. Становiцца на ногi, варушыцца, каб праверыць, што ўсё гэта сапраўднасьць, а пераканаўшыся, манiцца аж падскочыць i пачаць танцаваць з радасьцi. Хочацца крычаць з радасьцi, весялiцца, абдымаць усiх людзей, што пад рукою, i абвяшчаць вялiкую навiну - ён, Сымон Спарыш, нарэшце знайшоў нiтачку да свайго роднага клубка. Гэта той канал духовае справы, па якiм ужо ад гэтага часу нанава й стала будзе сачыцца пажыва для ягонае зьняможанае й згаладалае душы. Як-жа тут ня весялiцца. Рукi дрыжаць зь вялiкага хваляваньня, прысьпешаным тэмпам б'ецца сэрца.

У бараку ў гэтым часе быў абедзенны перапынак i супакой. Да заняткаў яшчэ шмат часу. Людзi сядзяць групкамi, iншыя калупаюцца каля розных штодзённых дробязяў. Бальшыня зь iх не бярэ ўвагi на Сымона. Толькi Дэмарчык спасьцярог надмернае хваляваньне свайго сябры i, убачыўшы ў руках хлапца газэту з незнаёмымi яму лiтарамi, падыходзiць i пытаецца, што за яна й адкуль атрымаў. Пару суседзяў таксама ўталоплiваюцца ў Сымона з запытальнымi поглядамi. Юнак дзелiцца з зацiкаўленымi вялiкай радаснай весткай, але адразу мяркуе, што чамусьцi ягоныя словы ня робяць на iншых амаль нiякага эфэкту. Ён на момант быў забыўся, што з гэтымi людзьмi ня мог дзялiць такой радасьцi, i дзеля таго адыходзiць са сваiм скарбам у зацiшнейшы куток i просiць Дэмарчыка, каб не перашкаджаў.

Вочы ўпiваюцца ў радочкi, зь вялiкай любоўю песьцяць кожную лiтарку. Сымон чытае са смакам i паволi, а дзесьцi ў галаве гнязьдзiцца думка, што ня трэба-ж сьпяшацца, дарма што мо й часу пад час абедняга перапынку ня хопiць на прачытаньне ўсяго. Трэба-ж з гэтай малой фарматам газэты прыдбаць для сваёй спрагненай душы як найбольш асалоды. А душа ягоная цяпер быццам тая высахлая губка. Для яе гэтая малая газэтка быццам тая сьцiпленькая кропелька вады для губкi. Колькi-ж увабрала-б, усякнула-б свайго роднага, калi-б было адкуль. Дык пакуль гэта маленькая кропелька не спажытая, трэба ўжываць яе з найбольшай асалодай, перш чым праглынуць, трэба абгледзець i нацешыцца кожнай найменшай мiкраскапiчнай макулiнкай, трэба насыцiць, здаецца, усе свае органы чуцьця, а ня толькi думку.

Што за матэрыял у газеце?

Перш за ўсё колькi слоў ад рэдакцыi, бо гэта-ж першы нумар. Гаворыцца, што "вымогi беларускага друкаванага слова ў нас сяньня найвялiкшыя", што беларускiм работнiкам у Францыi, згуртаваным пры Францускiм хрысьцiянскiм сындыкаце работнiкаў, удалося нарэшце зрэалiзаваць сваё даўняе летуценьне, выдаць газэту, якая будзе ня толькi iнфарматарам, але й лучнiкам беларусаў, раськiданых па ўсiм сьвеце ў насьледку пяцiгадовае вайны. Газэта зьяўляецца дадаткам да органа Францускага работнiцкага сындыкату i выходзiць месячнiкам, але пасьля манiцца выходзiць i часьцей, абы была ад сваiх дапамога.

Нумар прысьвечаны збольшага Калядам 1945 году, i пасярод, пад загалоўкам, на дзьве шпальты першае бачыны на здымку вiдаць пакрытыя сьнегам хвойкi. Чытач уяўляе кавалачак роднае, дарагое, пакiнутае Бацькаўшчыны.

Побач - верш Ларысы Генiюш "Новы год":

Новы год iдзе крокам бадзёрым,

крокам звонкiм, як сам, маладым.

Расьцiлае надзеi ўзорныя,

гоiць крыўдаў i ранаў сьляды.

Iдзе стуль, дзе ў завеяных хатах

нас чакае сям'я за сталом,

каб з загубленым сынам цi братам

падзялiцца сямейным цяплом...

Як ёмка й праўдзiва сказана. "Новы год... гоiць крыўдаў i ранаў сьляды". Так. Гояцца i ў Сымонавым сэрцы пэўныя раны, хаця хто ведае, калi пачнуць гаiцца сьляды крыўды. Падымаюцца пад цяжкiм уздыхам грудзi. Крыўды былi, ёсьць цяпер i доўга будуць яшчэ. Хто ведае, каторы ўжо новы год iх загоiць. Цi-ж лёгка ўявiць, што пры дапамозе гэтай ластаўкi-газэты новы год хоча падзялiцца i зь iм, Сымонам, сямейным цяплом? Ён-жа загублены сын i брат, адзiн з тысячаў раськiданых-разьвеяных па вялiкiм сусьвеце. Сям'я ягоная ня ведае, цi ён жыве, магчыма, што ўжо ўпотайку памалiлася за супакой душы ягонай, што, можа, даўно пакiнула маладое зморанае цела. Яны-ж ня ведаюць. Ох, даражэнькiя, родненькiя! Няхай Бог улье вам у сэрца надзею, што Сымон не загiнуў, што туляецца па чужыне, хоць змораны й зьняможаны, але-ж - вольны. Будзе й ён малiцца за вас, прасiць Усемагутнага, каб пад удушлiвым цiскам ярма сатаны прынёс вам палягчэньне ды прысьпешыў дзень вызваленьня вашага.

Нешта спазмамi сьцiскае й душыць Сымонава горла, на вочы набягаюць буйныя сьлёзы. Хлапец здабываецца на надлюдзкiя сiлы, каб iх стрымаць, каб не расплакацца ў прысутнасьцi цэлага восьмага курсу нейкай чужой i наўрад цi патрэбнай яму ў будучым школы.


Перейти к странице:
Предыдущая страница
Следующая страница
Жанры
  • Военное дело
  • Деловая литература
  • Детективы и триллеры
  • Детские
  • Детские книги
  • Документальная литература
  • Дом и дача
  • Дом и Семья
  • Жанр не определен
  • Зарубежная литература
  • Знания и навыки
  • История
  • Компьютеры и Интернет
  • Легкое чтение
  • Любовные романы
  • Научно-образовательная
  • Образование
  • Поэзия и драматургия
  • Приключения
  • Проза
  • Прочее
  • Психология и мотивация
  • Публицистика и периодические издания
  • Религия и духовность
  • Родителям
  • Серьезное чтение
  • Спорт, здоровье и красота
  • Справочная литература
  • Старинная литература
  • Техника
  • Фантастика и фентези
  • Фольклор
  • Хобби и досуг
  • Юмор
Mir-knigi.online

Бесплатная онлайн библиотека для чтения книг без регистрации с телефона или компьютера. У нас собраны последние новинки, мировые бестселлеры книжного мира.

Контакты
  • [email protected]
Информация
  • Карта сайта
© mir-knigi.online, 2026. | Вход