Mir-knigi.online
Книги онлайн читать бесплатно!
  • Главная
  • Жанры
  • ТОП книг
  • ТОП авторов
  • Контакты

Чорны замак Альшанскі

Часть 84 из 84 Информация о книге

Сухі твар з абвіслымі павекамі. У гожай мужчынскай руцэ пачаты келіх.

— Яшчэ і жартаваў у апошнюю гадзіну. Нібы намякаючы: «Гэта называецца: урэшце пасля празмернага зацікаўлення гісторыяй перайшоў да цеснага кантакту з сучаснасцю».

— Змоўкніце, Адам.

Ён моўчкі згадзіўся са мною. За акном свяцілі праз шаты ліпаў начныя агні, якіх апошні Альшанскі ўжо не мог бачыць. І міжволі думалася, што некалі іх не ўбачым і мы. Якое глупства перад гэтым былі ўсе намаганні, прывілеі, скарбы, улада над душамі і целамі?! Якое гэта ўсё было тройчы клятае глупства!

— Я павінен быў прадбачыць, — сказаў Хілінскі. — Гледзячы на ягоную прафесійную вопытнасць, не забываючы аб веданні Ўсходу… І яшчэ: мяне аднойчы ўразіла адна думка: хто мог пасля Нюрнбергскага прысуду перадаць Герынгу ампулу з цыянкалі?

— Кажуць, жонка падчас развітальнага пацалунку?

— Не. Псіхіка не тая. І я падумаў, што там магло быць вось так… як з гэтым. Не ведаю, ці меў я рацыю. Пасля ж пэўна аглядалі? Але магло быць: здаўна чакаў канца, бо жывёльна баяўся смерці, а калі даведаўся, што літасці не будзе, што ратунку няма ніадкуль, што шыбеніца — тады скончыў. Усё ж хаця і гнюсная, паскудная, гнілая дрэнь, разбэшчаная гэтым сіфілісам неабмежаваных улады і раскошы, але ўсё ж у былым ваенны чалавек.

— Кіньце, Хілінскі. Вы й самі бачылі ваенных, якія клалі ў порткі горш за іншага цывільнага. Ды ў лекара і не было жаху. Проста не хацеў жыць.

Я пачаў нібы здагадвацца і рабіцца відушчым:

— Я, здаецца, разумею хаду вашых думак. Скажыце, была б яму?…

— Не ведаю. Аб смерці Мар'яна ён не ведаў, аб «подзвігах» тых мярзотнікаў — таксама. Можа, і не была б.

— Ясна, — сказаў я. — І ён, аднак, заслужыў забыццё. Бо нашто яму ўжо было жыць? Ды яшчэ за кратамі… Шмат… Ён заслужыў.

Хілінскі моўчкі працягнуў мне цыгарэты.

— Свае, — сказаў я.

Дастаў новы пачак, раздзёр яго зубамі. Хілінскі назіраў за мной:

— Што, крушэнне звычак старога кавалера?

— Так. Калі ўжо крушэнне ўсяго пад'езда кавалераў, то чым я лепшы. Росцік ажаніўся.

— Дый яшчэ сёй-той, — усміхнуўся ён.

— Хата Лыганоўскага стаіць пустая. З часам паселіцца нехта. Пэўна ж таксама жанаты. Будзе і ў нас на сходах спачатку віск, а пасля й заравуць, як сірэны.

— Ах, чорт, — Хілінскі раптам стукнуў кулаком па сталешніцы. — Падлюга, дурань няшчасны. Меў ты рацыю: які матэрыял прапаў… Разумны, дасціпны, адукаваны, бывалы, таленавіты, як чорт. Ведаеш, які лекар? Казалі калегі — цар і бог. Адным веданнем псіхікі чалавечай больш рабіў, чым іншыя разнымі там рэзерпінамі і серпазіламі. І так не змагчы, так паскудна распарадзіцца ўласным жыццём! Патрэбныя яму былі тыя струхнелыя рэліквіі, даўно знішчаная слава роду. Такі лекар, такі чалавеказнаўца! Мала яму было гэтага для самапавагі… З атрэб'ем звязаўся, з пазаддзем, з падонкамі. І сам стаў падонкам. У, асёл!

Выпілі яшчэ трохі. І я са здзіўленнем убачыў, што мой «нязломны» сусед крыху захмялеў.

Глядзеў на партрэт у авальнай раме. Ніколі я не бачыў такога значнага твару. І такога прыгожага адначасова.

І ў Адама так змяніўся твар, так задрыжалі вусны, што я не здзівіўся б, каб ён, упершыню на маіх вачах, заплакаў.

— Помста ўсё ж ёсць, — глуха сказаў ён. — Ёсць. За кожную кроплю крыві, за кожную слязу. Не цяпер, дык заўтра. Не самому, дык нашчадкам. Іхні суд, або суд сумлення, — помста ёсць. Яна не спіць. І запісвае ў кнігу лёсаў, і абурваецца на галаву злачынцаў або дзяцей іхніх разорам, бядой, вайной. І нікому не ўцячы. І я ўпэўнены, і гэта дае мне сілу жыць — рыгнецца яна і тым, хто яе забіў. Страшна рыгнецца. І толькі гэта дае мне сілу жыць, думка, што я, наколькі сіл слабых хопіць, памагу запабягчы гэтага на будучае. І толькі гэта… сілу жыць.

Нервова зацягнуўся:

— Ты пачакай, калі задумаеш расказаць пра ўсё гэта. Ты трохі пачакай.

— Я пачакаю. Можа, і некалькі год.

Стук аддаўся ў сценку. З суседняй кватэры. Маёй. Жонка клікала нас піць гарбату.

— Ну а ты што надумаў? — спытаў, заплюшчыўшы вочы, Хілінскі, — Якія вынікі на жыццё зрабіў? Усё ж, што ні кажы, падзеі з табой адбыліся не на кожны дзень.

— Не ведаю, — сказаў я. — Ведаю толькі адно. Пастараюся пражыць жыццё, рэшту яго, спаўна. Як у гэтыя дні. Аддаць сябе поўнасцю братам. І тады я пайду на спатканне з богам, калі ён у мяне ёсць, сваімі нагамі і простай хадой. Не паўзучы. Не згінаючы нават каленяў. І не буду маліць у яго, як не маліў ні ў каго пры жыцці. І я скажу адкрыта: «Я адрабіў спаўна і па сваёй ахвоце сваю катаргу на зямлі. Я зрабіў нават болей таго, што мог. І не для сябе, а дзеля іх, дзеля гэтага акіяна, народа майго. І цяпер я прыйшоў да цябе не кленчыць аб узнагародзе. Дай тое, што мне належыць па працы маёй, калі ты ёсць. А калі няма — я не буду шукаць узнагароды за справы свае. Нідзе».

— Аман, — сказаў Адам.

Міргалі за адчыненым акном бясконцыя агні.

О, жыццё!


Перейти к странице:
Предыдущая страница
Жанры
  • Военное дело
  • Деловая литература
  • Детективы и триллеры
  • Детские
  • Детские книги
  • Документальная литература
  • Дом и дача
  • Дом и Семья
  • Жанр не определен
  • Зарубежная литература
  • Знания и навыки
  • История
  • Компьютеры и Интернет
  • Легкое чтение
  • Любовные романы
  • Научно-образовательная
  • Образование
  • Поэзия и драматургия
  • Приключения
  • Проза
  • Прочее
  • Психология и мотивация
  • Публицистика и периодические издания
  • Религия и духовность
  • Родителям
  • Серьезное чтение
  • Спорт, здоровье и красота
  • Справочная литература
  • Старинная литература
  • Техника
  • Фантастика и фентези
  • Фольклор
  • Хобби и досуг
  • Юмор
Mir-knigi.online

Бесплатная онлайн библиотека для чтения книг без регистрации с телефона или компьютера. У нас собраны последние новинки, мировые бестселлеры книжного мира.

Контакты
  • [email protected]
Информация
  • Карта сайта
© mir-knigi.online, 2026. | Вход